9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, адзначаныя шырокімі і грунтоўна задакументаванымі фальсыфікацыямі. Вынік выбараў быў прадвызначаны і, калі ён быў абвешчаны, не быў прызнаны ніводнай дэмакратычнай дзяржавай. У сучасным лічбавым свеце было немагчыма схаваць сведчанні таго, як людзі галасавалі на самай справе:
- Паводле інтэрнэт-платформы «Голас», у больш чым 400 выбарчых участках колькасць галасоў, якія па сцверджанні рэжыму былі ададзеныя за Святлану Ціханоўскую, склала менш за колькасць пацверджаных фатаграфіямі бюлетэняў.
- Аўтарытэтны брытанскі інстытут Chatham House апублікаваў апытанне грамадскай думкі, паводле якога 52,2% прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую і толькі 20,6% за дзейнага дыктатара Лукашэнку (з хібнасцю 3,27%).
- Галасы беларусаў у Швецыі, былі падлічаныя экзіт-полам з блізкім да 100% пакрыццём: у амбасадзе Беларусі больш за 90% выбаршчыкаў прагаласавала за Святлану Ціханоўскую і каля 4% – за Лукашэнку.
Ёсць усе падставы сцвярджаць, што беларускі народ як на Радзіме, гэтак і ў Швецыі, упэўнена прагаласаваў за пераход ад дыктатуры да дэмакратыі і даў Святлане Ціханоўскай мандат ўзначаліць гэты пераход. Зыходзячы з гэтага мы вітаем:
- Рашэнне ЭЗ не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку законным Прэзідэнтам Беларусі,
- Заяву міністра замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ пра тое, што Лукашэнка з’яўляецца незаконна абраным прэзідэнтам і, такім чынам, пазбаўлены будзь-то якой формы дэмакратычнай легітымнасьці, і
- Рэзалюцыю Еўрапейскага Парламенту 2020 / 2779(RSP),якая, у прыватнасці, вітае Каардынацыйную Раду як часовага прадстаўніка беларускага народу, які патрабуе дэмакратычных зменаў у Беларусі.
З улікам таго, што рэжым Лукашэнкі страціў легітымнасьць і больш не прызнаецца Швецыяй, ЕС і, перш за ўсё, беларускім народам, становіцца яшчэ больш важным падтрымліваць і развіваць простыя кантакты паміж Швецыяй і беларускім народам. Таму мы, беларусы Швецыі, прынялі рашэнне стварыць Народную Амбасаду Беларусі ў Швецыі, якая ставіць перад сабой наступныя мэты:
- развіваць культурныя, навуковыя, прафсаюзныя, спартыўныя і іншыя сувязі паміж шведскім і беларускім народамі ў абыход незаконнага лукшысцкага рэжыму
- дапамагаць беларусам, якія знаходзяцца ў Швецыі
- далучаць шведскіх палітыкаў, СМІ і грамадскую супольнасць у дзейнасць, накіраваную на дапамогу беларускаму народу ў ягонай барацьбе за свабоду ад незаконнай дыктатуры Лукашэнкі і пераходу да дэмакратычнай прававой дзяржавы.
Стварэнне Народных амбасадаў Беларусі віталася Еўрапарламентам у яго рэзалюцыі 2021/2881 (RSP):
“[Еўрапейскі парламент] падкрэслівае вялікую важнасць стварэння народных амбасадаў Беларусі ва ўсім свеце і настойліва заклікае Камісію і дзяржавы-чальцы аказваць ім далейшую падтрымку для абароны правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян за мяжой і інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі, напрыклад разгледзеўшы спосабы фінансавання народных амбасадаў Беларусі“.
Для кантактаў з Народнай Амбасадай:
Email: [email protected]
Twitter: https://twitter.com/BelarusInSweden
Паштовы адрас: Estniska Huset, Wallingatan 34, Stockholm 11124 Stockholm, Sweden